Работы нашых майстроў і навучэнцаў удзельнічаюць у абласным этапе конкурсу «ТэхнаЁлка»
У чарговы раз творчыя работы нашых калег паспрачаюцца за пуцёўку ў фінал рэспубліканскага конкурсу..
Калі ў чарговы раз на адрас нашага каледжа прыйшлі ўмовы правядзення абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Тэхнаёлка”, то першае пытанне, якое адразу міжволі ўзнікла: чым жа цяпер здзівяць журы конкурсу нашыя навучэнцы і педагогі? Варта адзначыць, што гэты конкукрс дае вельмі шырокі прастор для творчай актыўнасці ўдзельнікаў: намінацыі “Дызайн- Ёлка”, “МультымедыяЁлка”, “Хайтэк-Ёлка”, “РэтраЁлка”, “Альтэрнатыўная ёлка”, “Ёлка-трансформер”, ”Навагодні сувенір”, “Калядная кампазіцыя”, “Святочныя ўпрыгожванні”, “Сімвал года”. Тут у пару і разгубіцца ад такога багацця напрамкаў! Але нашыя майстры-мастакі заўсёды зацікаўленыя ў тым, каб “ажывіць” кожную намінацыю, зрабіць так, каб калядны настрой адчуваўся як мага выразней і рыхтаваў бы кожнага да светлых святаў Раства і Новага году.
Так і ў гэты раз творчыя каманды навучальных груп рупліва ўзяліся за справу, бо ў кароткі конкурсны тэрмін трэба паспець не толькі сфарміраваць саму ідэю конкурснай работы, але і матэрыялізаваць яе ў святочным вырабе.
Таму і выявы сімвалу наступнага 2021 года, Быка, такія разнастайныя і характарныя, а самі ёлкі і святочныя ўпрыгожванні ствараюць выразныя святочныя кампазіцыі. Удзельнікі стараюцца на славу і не ўзнікае аніякага сумнення, што святочныя вырабы змогуць здзівіць нават самых спрактыкаваных знаўцаў.